23 чэрвеня 2019 года ў эфіры Канала "Культура" Беларускага радыё – прэм'ера радыёспектакля "Чорная панна Нясвіжа"

12.06.2019 

Стварэнне новага аўдыятвора па п’есе знакамітага беларускага драматурга, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Аляксея Дударава прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народнага артыста Беларусі Валерыя Раеўскага. Драматычную гісторыю на аснове падання пра трагічнае каханне беларускай магнаткі Барбары Радзівіл і польскага караля Жыгімонта Валерый Мікалаевіч увасобіў на галоўнай драматычнай сцэне ў 2000 годзе.

Знакамітая беларуская легенда і кранальная гісторыя пачуццяў не страчваюць сваёй цікавасці і актуальнасці ў наш час, таму мы вырашылі запісаць спектакль “Чорная панна Нясвіжа” для захоўвання ў радыёфондах, што зробіць твор даступным мільённай аўдыторыі, у тым ліку ў наступныя дзесяцігоддзі”, – адзначыў дырэктар канала “Культура” Беларускага радыё Уладзімір Трапянок. – “Гэта адаптаваны для аўдыяўспрымання твор, які зафіксаваў творчыя задумы купалаўцаў, каманды канала “Культура” і кампазітара Віктара Капыцько. Атрымалася вельмі шчымлівая сучасная гісторыя, што мела месца здарыцца ў далёкім XVI стагоддзі. Гэта сапраўдны гімн Вялікаму каханню, якое не мае межаў”, – дадаў Уладзімір Трапянок.

Ролі ў радыёспектаклі выканалі Валянціна Гарцуева (Барбара Радзівіл), Павел Астравух (кароль Жыгімонт), заслужаная артыстка Аўтаномнай Рэспублікі Крым Ала Ельяшэвіч (Бона Сфорца), Сяргей Чуб (Мнішак), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Ігар Дзянісаў (Радзівіл Руды), Аляксандр Паўлаў (Радзівіл Чорны). Радыёспектакль зафіксаваў таксама голас аўтара п’есы Аляксея Дударава, які выканаў ролю Вядучага.

Над радыёспектаклем “Чорная панна Нясвіжа” працавала творчая каманда канала “Культура” ў складзе рэжысёра Лікі Пташук, гукарэжысёра Валерыя Бяляева, літаратурнага рэдактара Уладзіміра Трапянка. Гэта група паставіла папярэднія радыёспектаклі канала “Культура” – дзіцячы “Падарожжа ў краіну мурашоў” па п’есе Таццяны Мушынскай і “Танец з рапірай” па п’есе Ягора Конева, які перамог у конкурсе канала “Культура” “Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі”.

 Новы радыёспектакль “Чорная панна Нясвіжа” прагучыць у нядзелю, 23 чэрвеня, у 19:00 у праграме “Радыётэатр плюс”. Пераслухаць прэм’ерны твор можна будзе таксама на сайце www.radiokultura.by.

 

Фота: strada.by