Дзіцячае вяшчанне на канале "Культура" абнаўляе фармат

28.04.2017

Першы выпуск новай праграмы выйдзе 1 мая.

Дзевяць гадоў выхаваннем дзяцей на канале "Культура" займалася "Мэры Попінс". За гэты час нашы першыя слухачы і госці скончылі не толькі школу, а і ўніверсітэты. Дзеці, якія прыходзілі ў "Гасцёўню Мэры Попінс" пачаткоўцамі, зараз сталі кіраўнікамі творчых калектываў, а многія юныя карэспандэнты атрымалі прафесію журналіста.

Настаў час мяняцца!

Новаму пакаленню дзяцей мы прапануем новы фармат. Праграма стане своеасаблівым дзіцячым клубам, у якім юныя слухачы змогуць самавыражацца без падказкі выхавацеляў. Плануецца, што самі дзеці будуць актыўна ўдзельнічаць у стварэнні рубрык.

Мы верым, што нашы дзеці – "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя". Менавіта такіх мы запрашаем стаць як героямі, так і слухачамі новай праграмы "ДНК".

ДНК – гэта тое, што робіць кожнага з нас унікальным. Адначасова ДНК – гэта тое, што адлюстроўвае нашу ідэнтычнасць. Усе мы носьбіты беларускага ДНК.

"Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя" – гэта толькі адзін з варыянтаў расшыфроўкі назвы. Мы чакаем, што слухачы будуць прапаноўваць сваё разуменне ДНК, і такім чынам напаўняць праграму менавіта тымі сэнсамі, якія актуальны для сучасных дзяцей і падлеткаў.

Змест рубрык ахоплівае ўсе бакі жыцця: прафарыентацыя, шчырыя размовы з дактарамі і псіхолагамі і знаёмства з таленавітымі юнымі беларусамі, якія могуць стаць прыкладам для ўсіх. Абавязкова будзе дадзена права выказацца самім падлеткам. А самым маленькім будуць цікавыя аповеды пра жывёльны і раслінны свет.

Запрашаем усіх неабыякавых актыўна далучыцца да стварэння новай праграмы. Мы чакаем вашых прапаноў і творчых ідэй на адрас radiodnk@tut.by. Мы гатовыя да супрацоўніцтва і адкрытыя для самых неверагодных праектаў.

Спадзяёмся, ужо ў верасні мы пакажам праграму, створаную сумеснымі намаганнямі.