Фатаграфіі кітайскай архітэктуры ‒ у Нацыянальным гістарычным музеі

17.01.2019

Выстава мастацкіх фатаграфій "Кітай учора і сёння. Гістарычная і сучасная кітайская архітэктура" адкрыта ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Праект даў старт цыклу падзей, прысвечаных 70-годдзю ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі. Дырэктар музея Павел Сапоцька адзначыў, што аўтар работ ‒ Армэн Сардараў ‒ даўні сябар установы, а выстава яго твораў ‒ вялікая каштоўнасць для музея.

У экспазіцыі ‒ здымкі, зробленыя ў Пекіне і Шэньчжэні ў 2017-м годзе. Дапаўняюць выставу артэфакты і экспанаты са збору Беларуска-кітайскага культурнага цэнтра. Паводле слоў аўтара работ Армэна Сардарава, яго мэта ‒ праз творы навучыць моладзь шанаваць культурную спадчыну і берагчы прыроду.

Наведаць выставу  “Кітай учора і сёння. Гістарычная і сучасная кітайская архітэктура” ў Нацыянальным гістарычным музеі можна  да канца тыдня.

Фота: facebook.com