“Мэры Попінс” абвяшчае конкурс “Паэтычны ветразь – 2”

01.08.2016

З 1 жніўня пачынаецца прыём заявак на Рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў “Паэтычны ветразь – 2”. Сёлета для таго каб стаць удзельнікам, неабходна запоўніць заяўку, вывучыць на памяць адзін твор са спадчыны Максіма Багдановіча або Кандрата Крапівы і прачытаць яго перад мікрафонам у студыі Дома радыё. Да ўдзелу запрашаюцца дзеці і моладзь ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. Яны будуць падзелены на дзве катэгорыі: ад 7 да 12 і ад 12 да 17 гадоў. Заяўкі прымаюцца да 31-га кастрычніка 2016 года. Папярэдняе праслухоўванне і запіс вершаў праводзіццца па суботах з 1 верасня да 30 лістапада.

Падрабязныя ўмовы и анкета-заяўка апублікаваны ў Палажэнні.

Рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў “Паэтычны ветразь – 2” прымеркаваны да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Кандрата Крапівы (120-годдзе з дня нараджэння), Максіма
Багдановіча (125-годдзе з дня нараджэння), аб’яўленага ў Беларусі Года культуры і 15-годдзя канала “Культура” Беларускага радыё. Яго мэта – папулярызацыя беларускай літаратуры
сярод дзяцей і моладзі. Арганізатары – часовая творчая група праекта “Мэры Попінс” канала “Культура” Беларускага радыё.

Рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў “Паэтычны ветразь” праводзіцца другі раз. Першы адбыўся ў 2012 годзе. Ён быў прымеркаваны да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і аб’яўленага ў Беларусі Года кнігі. У фінал выйшлі 24 са 101 удзельніка ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі.