Міхаіл Панджавідзэ: "У "Саламеі" няма антырэлігійнасці і антыклерыкальнасці"

18.10.2018 

Гэтымі днямі ў Мінску ў Вялікім тэатры Беларусі ўсё ж такі адбудзецца прэ’мера оперы “Саламея” Рыхарда Штрауса. Першыя паказы павінны былі адкрыць новы сезон яшчэ ў верасні, але з-за пісьма вернікаў прэм’ера перанесена. Рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ адзначае, што гэты твор яго прыцягнуў перш за ўсё музыкай. 

Прэм'ера аднаактовай оперы “Саламея” аднаго з самых уплывовых кампазітараў пачатку ХХ стагоддзя Рыхарда Штрауса адбылася ў Дрэздэне ў 1905 годзе. Грамадскасць прыняла яе са скандалам з-за досыць адкрытага зместу і эксперыментаў кампазітара. Зрэшты, услед за шквалам неадабрэння нямецкая і аўстрыйская крытыка ўдастоіла твор пахвалой – “Саламея” лічыцца адным з самых значных твораў Штрауса і сімвалам мноства музычных эксперыментаў пачатку ХХ стагоддзя. Такое меркаванне падтрымлівае і дырыжор-пастаноўшчык беларускай версіі Віктар Пласкіна.