Вострая "Крэйцарава саната" у "Бестселеры" на канале "Культура"

З 17 мая ў эфіры канала “Культура” – прэм’ера аповесці Льва Талстога “Крэйцарава саната”. У межах праграмы “Бестселер” яе прачытае Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў.

Штуршком да напісання вострага твора пра ўзаемаадносіны маладых сталі два ўражанні пісьменніка. Паводле жонкі Льва Талстога Соф’і Талстой, акцёр Васіль Андрэеў-Бурлак расказаў таму пра лёс выпадковага спадарожніка на чыгунцы, якому здрадзіла жонка. А мастак Ілья Рэпін успамінаў, што Леў Талстой вельмі любіў музыку. Здаралася, пасля якой-небудзь уражлівай санаты пісьменнік расказваў цэлую драму, якая малявалася яму падчас выканання п’есы. У адзін з вечароў у Яснай Паляне ёй стала саната Людвіга ван Бетховена, прысвечаная французскаму скрыпачу, кампазітару і дырыжору Радольфу Крэйцэру. Леў Талстой марыў, каб артыст Васіль Андрэеў-Бурлак чытаў яго аповесць, у гэты час іграла “Крэйцарава саната”, а мастак Ілья Рэпін напісаў карціну, змест якой адпавядаў бы тэксту.

Аповесць перапрацоўвалася і рэдагавалася восем разоў, але нават яе чарнавік стаў падзеяй. Яе перапісвалі ад рукі, размнажалі на літографах і гектографах. А калі ўрэшце Леў Талстой застаўся задаволены канчатковым варыянтам, цэнзура забараніла друкаваць аповесць у зборніку памяці рэдактара “Русской мысли” Сяргея Юр’ева. Забаранілі ўключаць яе і ў збор твораў Талстога. І толькі на аўдыенцыі ў цара Аляксандра ІІІ Соф’я Талстая атрымала дазвол на публікацыю у 13 томе.

У афармленні выкарыстаны творы кампазітараў Людвіга ван Бетховена, Фрэдэрыка Шапэна, Яна Сібеліуса і Пабла Казальса. Гукарэжысёр – Яўгенія Бельская. Рэдактар і рэжысёр – Рэната Патака.

Эфір - па буднях у 14:05. Паўтор - па буднях у 20:30 і 01:00