"Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя"

  • Галоўная
  • Фотa
  • Аўдыя
  • Відэа
  • Аўтар

Дзевяць гадоў выхаваннем дзяцей на канале "Культура" займалася "Мэры Попінс". За гэты час нашы першыя слухачы і госці скончылі не толькі школу, а і ўніверсітэты. Дзеці, якія прыходзілі ў "Гасцёўню Мэры Попінс" пачаткоўцамі, зараз сталі кіраўнікамі творчых калектываў, а многія юныя карэспандэнты атрымалі прафесію журналіста.

Настаў час мяняцца!

Новаму пакаленню дзяцей мы прапануем новы фармат. Праграма стане своеасаблівым дзіцячым клубам, у якім юныя слухачы змогуць самавыражацца без падказкі выхавацеляў. Плануецца, што самі дзеці будуць актыўна ўдзельнічаць у стварэнні рубрык.

Мы верым, што нашы дзеці – "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя". Менавіта такіх мы запрашаем стаць як героямі, так і слухачамі новай праграмы "ДНК".

ДНК – гэта тое, што робіць кожнага з нас унікальным. Адначасова ДНК – гэта тое, што адлюстроўвае нашу ідэнтычнасць. Усе мы носьбіты беларускага ДНК.

"Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя" – гэта толькі адзін з варыянтаў расшыфроўкі назвы. Мы чакаем, што слухачы будуць прапаноўваць сваё разуменне ДНК, і такім чынам напаўняць праграму менавіта тымі сэнсамі, якія актуальны для сучасных дзяцей і падлеткаў.

Змест рубрык ахоплівае ўсе бакі жыцця: прафарыентацыя, шчырыя размовы з дактарамі і псіхолагамі і знаёмства з таленавітымі юнымі беларусамі, якія могуць стаць прыкладам для ўсіх. Абавязкова будзе дадзена права выказацца самім падлеткам. А самым маленькім будуць цікавыя аповеды пра жывёльны і раслінны свет.

Запрашаем усіх неабыякавых актыўна далучыцца да стварэння новай праграмы. Мы чакаем вашых прапаноў і творчых ідэй на адрас radiodnk@tut.by. Мы гатовыя да супрацоўніцтва і адкрытыя для самых неверагодных праектаў.

Спадзяёмся, ужо ў верасні мы пакажам праграму, створаную сумеснымі намаганнямі.

Расклад на тыдзень 

 

Spoiler: Highlight to view

Панядзелак

"Радыёпартацыя" - аператыўны рэпартаж з месца падзеі. Гэта можа быць як звычайны школьны ўрок, так і якая-небудзь імпрэза, выстава, вечарына, канцэрт з удзелам юных талентаў.

"Самакат часу" - рубрыка прысвечана школьным музеям, якія, магчыма, не могуць пахваліцца ўнікальнымі экспанатамі, але звычайна аб'ядноўваюць вакол сябе сапраўдных энтузіястаў. Мы пачуем не толькі экскурсаводаў, але і наведвальнікаў. Аўтар - Наталля Сіротка.

"Дзіцячы радыётэатр" - гартаем старонкі прыгодніцка-фантастычнага рамана маладога беларускага аўтара Ксеніі Шталенковай (арфаграфія захавана. - Рэд.) "Адваротны бок люстра" разам з Мікітам Монічам.

Вядучая - Наталля Сіротка

Аўторак

"Псіхалагічны лексікон" - своеасаблівая псіхалагічная кансультацыя. Дзеці і падлеткі распавядаюць пра пэўныя жыццёвыя сітуацыі, якія выклікаюць цяжкасці і дыскамфорт. Парады даюць сталічныя псіхолагі. Аўтар - Вольга Антоненкава.

"Профікарта" - прафарыентацыя школьнікаў. Дзе і як атрымаць тую ці іншую прафесію, як зрабіць правільны выбар, знаёмства з прафесіяналамі, тымі, хто дасягнуў пэўных поспехаў у абранай прафесіі. Аўтар - Вольга Антоненкава.

"Ёсць кантакт!" - прамы эфір з цікавымі творчымі дзецьмі, іх бацькамі, мастацкімі кіраўнікамі і педагогамі. Адно з абавязковых пытанняў дарослым – узгадаць, якімі яны былі ў дзяцінстве.

Серада

"За манежам" - рубрыка прысвечана цыркавому мастацтву. У ёй будзе знаёмства з гісторыяй як беларускага, так і сусветнага цырка, аповед пра цыркавыя жанры і сустрэчы з артыстамі, як пачаткоўцамі, так і прадстаўнікамі вядомых цыркавых дынастый. Аўтар - Вольга Антоненкава.

"Кіслародны кактэйль" - Як уладкавана наша цела? Чаму нельга чытаць лежачы? Як правільна чысціць зубы? Простыя адказы на няпростыя пытанні пра наш арганізм будзем разам шукаць у рубрыцы. Дапамагаць у гэтым будуць не толькі прафесійныя дактары, але і тыя, хто толькі збіраецца імі стаць. Аўтар - Аляксандра Грэчка.

"Ёсць кантакт!" - прамы эфір з цікавымі творчымі дзецьмі, іх бацькамі, мастацкімі кіраўнікамі і педагогамі. Адно з абавязковых пытанняў дарослым – узгадаць, якімі яны былі ў дзяцінстве. Аўтар - Вольга Антоненкава.

Вядучая - Вольга Антоненкава

Чацвер

"Фортка" - назва рубрыкі запазычана з лексікона настаўнікаў, і менавіта яны будуць у цэнтры нашай увагі. Вядомыя педагогі мінулага, знакамітыя пераможцы конкурсу «Настаўнік года», аўтары сучасных методык і проста любімыя настаўнікі – ва ўспамінах сваіх вучняў і ў інтэрв'ю з імі самімі. Мэта рубрыкі – узняць прэстыж прафесіі настаўніка. Аўтар - Наталля Сіротка.

"Let's play" - знаёмімся з папулярнымі настольнымі і інтэлектуальнымі гульнямі мінулага і сучаснасці, а таксама з тымі, хто ў іх гуляе. Героі – дзеці, падлеткі – падзеляцца, чаму іх так захапляе тая ці іншая гульня, а таксама паспрабуюць пераканаць заклапочаных бацькоў, што і гэты занятак можа прыносіць карысць. Аўтар - Лія Плотнікава.

"Піт-стоп" - героямі становяцца выключна хлопчыкі і юнакі, курсанты навучальных устаноў, напрыклад, навучэнцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча і вучні кадзецкіх класаў, а таксама юныя спартсмены і тэхнікі, якія раскажуць пра сябе, свае захапленні і навучанне. Усё гэта дазволіць сучасным тынэйджарам выхаваць у сябе лепшыя мужчынскія якасці. Аўтар - Вольга Антоненкава.

Вядучая - Вольга Антоненкава

Пятніца

"Сакваяж" - аповеды ў форме пуцявых нататак пра адметныя мясціны Беларусі. Інфармацыя бярэцца з асабістага вопыту вядучай і будуецца на ўражаннях пра гарады і населеныя пункты, у якіх яна пабывала сама. Мэта – зацікавіць юных слухачоў самастойна даследаваць сваю малую радзіму, тым самым абудзіць цікаўнасць да краіны ў цэлым, яе гісторыі і культуры. Аўтар - Вольга Клязовіч.

"Марабу" - знаёмім юных слухачоў з раслінным і жывёльным светам, вывучаем флору і фауну роднага краю, расказваем пра цікавыя экалагічныя факты, а таксама распытваем хлопчыкаў і дзяўчынак пра іх хатніх гадаванцаў і аранжарэі на падаконніку. Аўтар - Лія Плотнікава.

"Музычны партыл" - папулярызуем музыку розных напрамкаў сярод дзяцей, моладзі і іх бацькоў. Цікавыя аповеды пра самых знакамітых кампазітараў, музыкантаў, выканальнікаў і гурты, музычныя плыні мінулага і сучаснага, а таксама народная вакальная і інструментальная музыка як у аўтэнтычным выглядзе, так і ва ўсемагчымых сучасных апрацоўках. Аутар - Аляксандра Грэчка.

Вядучая - Аляксандра Грэчка 

 

Далучайцеся:
Аляксандра Грэчка
Вольга Антоненкава
Наталля Сіротка

Каментарыi