Прэм'ера радыёспектакля "Танец з рапірай"

26.12.2018 

30 снежня канал “Культура” Беларускага радыё запрашае на прэм’еру! У праграме “Радыётэатр плюс” прагучыць новы радыёспектакль “Танец з рапірай” па п’есе Ягора Конева, якая перамагла ў конкурсе “Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі”. Творчае спаборніцтва, арганізаванае сёлета каналам “Культура”, было накіравана на пошук новых драматургаў і тэм для айчыннага радыётэатра. Па выніках конкурсу найлепшай прызнана п’еса пра дзяўчыну, што выпадкова пазнаёмілася з фехтаваннем і прысвяціла яму ўсё жыццё. Спартыўная тэматыка, дарэчы, у гісторыі беларускага радыётэатра не набыла шырокай папулярнасці. Надзвычай актуальна яна гучыць напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у нашай краіне ў 2019 годзе.

Ягор Конеў супрацоўнічае з Беларускім радыё не першы раз. Летась па п’есе гэтага аўтара быў запісаны радыёспектакль “Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы”. У новай рабоце драматург уздымае адвечныя тэмы шчырасці, адданасці, кахання, саперніцтва і ўплыву творчасці.

Над увасабленнем прэм’ернага радыёспектакля працавала прафесійная творчая каманда ў складзе радыёрэжысёра Лікі Пташук, гукарэжысёраў Валерыя Бяляева і Сяргея Бутоўскага, літаратурнага рэдактара Уладзіміра Трапянка. Па традыцыі беларускага радыётэатра ролі ў спектаклі выканалі акцёры мінскіх тэатраў. На галоўныя ролі былі запрошаны народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч і маладая актрыса Ірына Цвяткова, якая дэбютавала ў радыётэатры. Для маладых акцёраў Паўла Паўлюця, Вікторыі Кадравай і Аляксандра Тарасава ўдзел у радыёспектаклі “Танец з рапірай” таксама стаў прэм’ерным. У іншых ролях задзейнічаны акцёры Святлана Цімохіна, Андрэй Кавальчук, Уладзімір Трапянок.

Музыку да радыётвора напісала кампазітар Вольга Падгайская. У запісе музычнага матэрыялу для прэм’еры браў удзел Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі на чале з дырыжорам Уладзімірам Авадком. Музыку да фінальнай песні на словы Ягора Конева напісаў Сяргей Бутоўскі.

“Танец з рапірай” – гэта гісторыя пра ажыццяўленне мары, пра веру ў сябе, перамогу высокіх пачуццяў і моц мастацтва. Паслухаць яе можна 30 снежня а 19-й на канале “Культура” Беларускага радыё.