31.01.2020
Да 95-гадовага юбілею Беларускага радыё, які адзначаецца ў лістападзе, канал “Культура” працягвае маштабны інтэрактыўны праект “Радыё: на хвалі мастацтва”. Трэці вечар адбудзецца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 6 лютага ў 19:00. Уваход – вольны.
Наведвальнікі праекта маюць магчымасць дазнацца пра цікавыя, малавядомыя факты з багатай гісторыі і сучаснай дзейнасці Беларускага радыё, апынуцца ў аўдыязале айчыннага радыё. У літаратурным музеі адбываюцца супольныя праслухоўванні фондавых запісаў з абмеркаваннем пачутага, сустрэчы з былымі і цяперашнімі супрацоўнікамі радыё, акцёрамі, кампазітарамі і іншымі творцамі, звязанымі з нацыянальным радыёвяшчаннем. Ёсць магчымасць задаць пытанне, падзяліцца ўспамінамі, звязанымі з радыё, а таксама павіншаваць супрацоўнікаў з надыходзячым юбілеем.
Падчас лютаўскай сустрэчы гаворка пойдзе пра 1940-я гады, калі айчыннае радыё вяшчала з Масквы, аднак нягледзячы на жорсткія ўмовы, вялікую ўвагу надавала мастацтву. Госці пачуюць, напрыклад, галасы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, народнага артыста СССР Рыгора Шырмы, народнай артысткі Беларусі Вольгі Галіны, дыктара Уладзіміра Юрэвіча і іншых. Музычным падарункам стане жывое выступленне капэлы Алеся Лася “ТрыА”, якая прапануе творы 1930–1940-х гадоў.
Будзе весціся запіс вечара для трансляцыі на канале "Культура" Беларускага радыё 24 лютага 2020 года.
– Сустрэчы ў межах праекта “Радыё: на хвалі мастацтва” праходзяць раз на месяц. Мы пачалі праект у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў снежні, – нагадвае дырэктар канала «Культура” Уладзімір Трапянок. – Юбілейныя вечары працягнуцца да лістапада ўключна. Даведацца пра дату кожнай новай сустрэчы можна на сайце канала ці ў суполках “Культуры” ў сацыяльных сетках.