"Лебядзінае возера" вяртаецца на сцэну Вялікага тэатра Беларусі

06.05.2021

Новую версію “Лебядзінага возера” пакажуць у Вялікім тэатры Беларусі. Спектакль на сцэне тэатра ставіцца шосты раз. Упершыню гэта адбылося ў 1938 годзе (Натан Грубін і Канстанцін Мулер), апошняя версія (Юрыя Траяна і Аляксандры Ціхаміравай) выйшла ў 2012-м, яе можна было ўбачыць пяць месяцаў таму.

Валянцін Елізар'еў ставіў "Лебядзінае возера" ў Токіа, а таксама быў мастацкім кіраўніком беларускай пастаноўкі ў 1986 годзе. У ролі пастаноўшчыка названага балета ў Вялікім тэатры Беларусі творца выступае ўпершыню. Па словах маэстра, у новай рэдакцыі ён імкнецца захаваць найлепшае, што было ў арыгінальных узорах балета за яго гісторыю. У спектаклі выкарыстана харэаграфія Льва Іванова, Марыуса Петыпа, Аляксандра Горскага, Асафа Месэрэра і ўласна Валянціна Елізар'ева.

У новай версіі спектакля вернуцца нумары, што адсутнічалі ў папярэдніх рэдакцыях,  рускі танец і танец блазнаў. Што тычыцца белага і чорнага актаў, у іх, па словах пастаноўшчыкаў, атрымалася амаль без змен. Аднак "Адылія цяпер будзе ў вэлюме, бо яна таксама нявеста і прэтэндуе на ўвагу прынца", ‒ расказала народная артыстка Беларусі, выканаўца партыі Адэты-Адыліі Ірына Яромкіна.

Прэм'ерныя паказы адбудуцца 15 і 16 мая.

Фота: belta.by