18.05.2021
Акцыя "Ноч музеяў" у большасці айчынных музеяў пройдзе 22 мая. Забаўляльныя праграмы рыхтуюць Мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва, Нацыянальны гістарычны музей, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Дом Ваньковічаў, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Палац мастацтва і іншыя ўстановы.
Дзяржаўны музей Янкі Купалы – адзін з нямногіх, якія ў Ноч музеяў адчынены да раніцы. Ва ўстанове прапануюць стварыць самую вялікую папараць-кветку, пабываць у майстэрні скульптара, праверыць паэтычныя здольнасці. У адной з залаў зладзяць прагляд пастановак "Паўлінка" і "Адвечная песня". А вось Нацыянальны мастацкі музей сёлета адмовіўся ад вялікай колькасці імпрэз і пакіне гледачоў сам-насам з выяўленчымі творамі. Расказваюць дырэктар купалаўскага музея Алена Ляшковіч і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Анейка.
Музей гісторыі горада Мінска ў гэты вечар зробіць акцэнт на мінулым сталіцы і тэме медыцыны. Установа прапануе адразу тры праграмы ў розных лакацыях. Першая аб’яднае Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага, Мінскую ратушу, Археалагічны музей і Мінскую конку. Наведвальнікаў чакаюць квэсты па эспазіцыях і вуліцах Верхняга горада. Сёлета заданні маюць адсылку да гісторыі медыцыны. Падчас квэстаў адбудуцца сустрэчы з гістарычнымі героямі. Пра іншыя праграмы раскажа вядучы навуковы супрацоўнік музея Юлія Кавалёва.
Фота: belarus.by