21.05.2021
Узнагароджанне пераможцаў прайшло на факультэце журналістыкі. Цырымонія ладзілася пад знакам стагоддзя ўніверсітэта і была прымеркавана да Дня дзіцячай журналістыкі.
Усяго ў творчым спаборніцтве ўдзельнічалі 60 школьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны змагаліся ў намінацыях "Публікацыя", "Відэа- і аўдыясюжэт", "Блог". Работы прысвячаліся гістарычным мясцінам, выдатным землякам і актуальным падзеям нашай краіны.
Згодна з рашэннем кампетэнтнага журы, якое разглядала дасланыя работы, дыплом I ступені конкурсу юных карэспандэнтаў атрымала Ціяна Нэльсан. Дзяўчынка вучыцца ў 5 класе сталічнай гімназіі № 23 і робіць матэрыялы для дзіцячага праекта "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя", што выходзіць на канале "Культура" Беларускага радыё. На конкурс Ціяна прадставіла матэрыял, зроблены падчас "Ночы Гары Потэра", якая прайшла ў лютым 2020 у Мінску.
Рэспубліканскі конкурс юных карэспандэнтаў праводзіўся факультэтам журналістыкі БДУ пры падтрымцы міністэрстваў інфармацыі і адукацыі, рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
Фота: journ.bsu.by