"Подых навальніцы" слухайце на канале "Культура" з 24 мая

23.05.2021

З 24 мая ў "Літаратурнай анталогіі" прагучаць старонкі рамана Івана Мележа "Подых навальніцы". Пад знакам 100-годдзя з дня нараджэння айчыннага класіка слухачы ўжо мелі магчымасць пачуць першую частку трылогіі "Палеская хроніка" - раман "Людзі на балоце".

Выканаўца класікі ў прамым эфіры артыстка і рэжысёр Беларускага радыё Ліка Пташук падзялілася ўражаннямі: "Падчас агучвання "Людзей на балоце" чарговы раз атрымала пацвярджэнне, наколькі моцны твор Івана Мележа. Гэта сапраўдная класіка, якая гучыць актуальна і сучасна. Яна дае нагоду чарговы раз задумацца пра саміх сябе, пра наш менталітэт, лёс народа і месца беларусаў у свеце".
У кнізе "Подых навальніцы" слухачы дазнаюцца, што адбудзецца з персанажамі, ці пераадолеюць яны ўнутраныя супярэчнасці і вонкавыя перашкоды, ці перамогуць свае страхі і асцярогі, ці выйдуць на новы культурны ўзровень.
Праграма "Літаратурная анталогія" гучыць на канале "Культура" з панядзелка да пятніцы ў 04:00, 14:15 і 23:00. Пераслухаць чытанні з працягам можна на афіцыйным сайце радыёхвалі www.radiokultura.by.