11 і 12 студзеня канал "Культура" запрашае на канцэрты ў Вялікую студыю Дома радыё

06.01.2017

Увесь 2017 канал "Культура" святкуе 15-годдзе з дня заснавання. 1 студзня 2002-га года яго пазыўныя ўпершыню прагучалі ў эфіры. Гэту ўрачыстую дату мы святкуем разам з вамі, сябры, і запрашаем на два канцэрты ў Вялікай студыі Дома радыё.

11 студзеня ў 19:00 выступае Народны літаратурны тэатр БДПУ М.Танка “Жывое слова”. Яго артысты раскажуць пра спектаклі, праекты і творчыя планы і пакажуць урыўкі са сваіх пастановак, прачытаюць вершы, узгадаюць класікаў беларускай і замежных літаратур. Мастацкі кіраўнік тэатра, музыкант Алеся Сівохіна выканае песні на словы беларускіх паэтаў. Гледачы могуць задаць гасцям пытанні.

Вядучая - Марыя Дуброўская.

Народны літаратурны тэатр БДПУ М.Танка “Жывое слова” у мінулым годзе адзначыў 50-годдзе.

12 студзеня ў 19:00 адбудзецца калядны канцэрт Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор - Андрэй Саўрыцкі. У праграме - беларускія народныя песні, творы Франца Грубера, Мікалая Сідзельнікава, Кансуэлы Веласкес і іншых.

Каб трапіць на праграмы, трэба даслаць свае імя, імя па бацьку і прозвішча на адрас 2101248@tut.by. Калі ласка, дакладна пазначайце, на якую дату вы жадаеце прыйсці. У дзень канцэрта пры сабе абавязкова мець пашпарт.

Колькасць месцаў у студыі абмежавана.