140 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра

Юбілею беларускага пісьменніка Янкі Маўра будзе прысвечаны шэраг праектаў канала «Культура» Беларускага радыё.

Пра жыццё і творчасць аднаго з заснавальнікаў айчыннай дзіцячай літаратуры 10 мая ў 12:30 пойдзе размова ў прамым эфіры перадачы «Дыялогі пра культуру» з загадчыкам навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Валянцінай Кароткінай. Яна распавядзе таксама аб адкрыцці кніжнай выставы ў гонар юбіляра і іншых мерапрыемствах, якія пройдуць ва ўстанове. Паўтор праекта - у 21:30, а таксама на нашым youtube-канале.

Не абыдуць  памятную дату і выпускі праекта для дзяцей і моладзі «Дасціпныя, нястомныя, кемлівыя». У дзень нараджэння класіка 10 мая журналісты у займальнай форме раскажуць аб найбольш цікавых фактах з біяграфіі Дзядзькі Маўра. У  праекце «Дзіцячы радыётэатр» 13 і 14 мая ў 10:05 прагучаць інсцэніраваныя творы «Лацароні», «Слёзы Тубі», а таксама казка Ханса Крысціяна Андэрсана «Новае адзенне караля» ў перакладзе на беларускую мову Янкі Маўра.

У перадачы «Радыётэатр плюс» у выхадныя 13 і 14 мая ў 21:30 слухачы змогуць пазнаёміцца  з радыёспектаклямі «Палескія рабінзоны» і «Сын вады» паводле аднайменных твораў пісьменніка-юбіляра.

- Янка Маўр – адзін з тых волатаў айчыннай літаратуры, якім па праве ганарыцца наша культура, – зазначыў намеснік дырэктара канала «Культура», загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч. – І мы ў дні юбілею славутага пісьменніка пастараемся найбольш поўна пазнаёміць слухачоў з творчымі здабыткамі заснавальніка прыгодніцкага жанра ў беларускім прыгожым пісьменстве.


Фота - Нацыянальная бібліятэка Беларусі