Адсвяткуем Дзень Беларускага радыё разам!

15 лістапада – Дзень Беларускага радыё. Спаўняецца 97 гадоў з пачатку радыёвяшчання ў нашай краіне.


На канале «Культура» святочны дзень прадэманструе, найперш, багатую музычную гісторыю Беларускага радыё. У эфіры з ранку да вечара прагучаць галасы славутых салістаў Беларускага радыё, чые творы складаюць «залаты фонд» радыёвяшчання краіны, а таксама выбраныя эпізоды дзейнасці музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі, якія сёння працягваюць традыцыі, закладзеныя дзесяцігоддзі таму.


Перадача «Музыка тэатра і кіно» прапануе запісы заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Раеўскай. Праект «Класіка раніцай» напоўняць творы ў выкананні Анатоля Падгайскага, Ганны Радзько, Леаніда Барткевіча. У праграме «У свеце музыкі» слухачы пачуюць голас заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Юрыя Смірнова.


Музычныя праграмы сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі ўвойдуць у напаўненне перадач «Канцэртная зала» і «Музыка беларускіх кампазітараў». Праект «Наша музыка» прадэманструе майстэрства артыстаў заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі.


Ролю Беларускага радыё ў развіцці нацыянальнай культуры падтрымаюць публіцыстычныя перадачы канала «Культура». У прыватнасці, госцяй праекта Галіны Шаблінскай «Гаспода», што выходзіць у межах праграмы «Дыялогі пра культуру», стане літаратуразнаўца і перакладчык, дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Ірына Багдановіч. Тэма гаворкі – «Гісторыя беларускай літаратуры на эфірнай хвалі».


У сацыяльных сетках канала «Культура» 15 лістапада адбудуцца святочныя розыгрышы з уручэннем памятных прызоў ад радыё, якое папулярызуе нацыянальную і сусветную культурную спадчыну.