Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае наведаць выставу "Подых Поўначы"

29.09.2022

На выставе прадстаўлены работы вядомага беларускага фотамастака Аляксандра Ключнікава. На іх – неверагоднай прыгажосці прырода Поўначы: рэкі, лясы, азёры, горы. А яшчэ – беларускія нафтавікі. Асабліва ўнікальныя чорна-белыя здымкі, надрукаваныя самім аўтарам. Аляксандр Ключнікаў – ураджэнец Рэчыцы, музыкант, даследчык Поўначы, таленавіты фотамастак, які частку свайго жыцця аддаў працы ў "Беларуснафце". Доўгі час жыў з сям'ёй на Камчатцы. Менавіта там у 80-я гады ён стаў сапраўдным прафесіяналам у сферы фотамастацтва.
"Праз 14 гадоў Аляксандр Ключнікаў з сям'ёй вярнуўся ў Рэчыцу. У 80-90-я гады выдатныя працы гэтага фотамастака, пазаштатнага аўтара газеты "Нафтавік", публікаваліся ў розных выданнях краіны. Сярод іх – газеты "Праўда", "Звязда", "Знамя юнасці". Яго каларытныя, запамінальныя фотаілюстрацыі ўвайшлі ў кнігу "Нафтавая жамчужына Беларусі", - расказала рэдактар газеты "Нафтавік" Таццяна Болгава.

"Дом-музей Якуба Коласа - заўсёды гасцінны, і мы стараемся збіраць мастакоў, музыкаў і пісьменнікаў на яркія імпрэзы і прэзентацыі", - адзначыла дырэктар Ірына Мацяс.

Фота - zviazda.by