Канал "Культура" на кніжнай выставе

Прэзентацыя літаратурна-мастацкіх праграм Беларускага радыё адбудзецца ў межах ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

24 сакавіка на галоўнай сцэне Нацыянальнага стэнда ў сталічным выставачным комплексе на пр. Пераможцаў, 14 з 12:30 да 15:30 свае праекты прадставяць журналісты Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і спецыялізаванага канала «Культура». У якасці суразмоўцаў запрошаны літаратары розных пакаленняў, супрацоўнікі радыё, якія ператвараюць кнігі ў творы сучаснага аўдыяльнага мастацтва, прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі. Сярод гасцей – паэт, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Мікола Чарняўскі, актрыса, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, акцёр, рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі, загадчыца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання журфака БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алеся Кузьмінава і інш.

На стэндзе адбудзецца прэзентацыя кніжных навінак супрацоўнікаў радыё, якія з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, – паэта, намесніка дырэктара канала «Культура», заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча, спецыяльнага карэспандэнта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя В. Віткі Маргарыты Прохар.

Сярод тэм для абмеркавання – актуальны літаратурна-мастацкі кантэкт, які ствараецца на Беларускім радыё (дарэчы, у дні правядзення выставы ў эфіры Першага нацыянальнага канала пад знакам 80-годдзя трагедыі ў Хатыні будзе трансліравацца радыёфільм-рэквіем «Вогненная памяць» па кнізе А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі», створаны ў канцы мінулага года), роля кнігі ў выхаванні падрастаючага пакалення на прыкладзе дзіцячага літаратурнага вяшчання канала «Культура», навуковае асэнсаванне мастацкага складніка сучаснага радыё і інш.

Таксама ў рамках прэзентацыі Беларускага радыё чакаецца правядзенне віктарыны з уручэннем брэндзіраванай сувенірнай прадукцыі для самых актыўных удзельнікаў.

Відэатрансляцыя мерапрыемстваў Беларускага радыё з кніжнай выставы з’явіцца на youtube-канале радыё «Культура». Для эфіру будуць падрыхтаваны радыёверсіі літаратурных сустрэч.