Канал “Культура” рыхтуе эфірны праект “Віват, Акадэмія!”

Канал “Культура” Беларускага радыё рыхтуе эфірны праект “Віват, Акадэмія!”, прысвечаны 90-годдзю Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

З 5 да 10 снежня, у дні, калі ў вышэйшай навучальнай установе адбудуцца асноўныя юбілейныя ўрачыстасці, на спецыялізаванай радыёхвалі прагучаць канцэртныя праграмы, зробленыя з удзелам калектываў акадэміі і яе славутых выпускнікоў. Пачуць унікальныя запісы можна ў праграме “Канцэртная зала”, пачатак у 19:00.

Адкрые эфірны праект канцэрт аб’яднанага хору Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (менавіта так раней называлася акадэмія) і хору Белтэлерадыёкампаніі, які адбыўся ў Белдзяржфілармоніі ў 1978 годзе. Дырыжыраваў калектывамі тады славуты маэстра, народны артыст СССР, прафесар Віктар Роўда.

Дарэчы, сярод творчых супрацоўнікаў канала “Культура” – выпускнікі акадэміі музыкі, якія адказваюць за музычную частку эфіру. Гэтых вядучых і рэдактараў добра ведаюць і любяць слухачы – Таццяна Песнякевіч, Людміла Мітаковіч, Зоя Перфілава, Марына Пагоцкая, Алесь Вольша, Яўген Талкачоў. Іх галасамі запісаны аўдыяльныя віншавальныя паштоўкі з пажаданнямі ў адрас прафесарска-выкладчыцкага складу і сённяшніх студэнтаў установы-юбіляркі, якія прагучаць у межах праекта “Віват, Акадэмія!”.

Музычнае вяшчанне канала “Культура” займае каля 50 працэнтаў эфіру. Менавіта на нашым радыё транслююцца ўзоры ўсіх існуючых музычных кірункаў, вялікая ўвага надаецца папулярызацыі акадэмічнай музыкі, найперш, айчынных аўтараў – выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.