Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае наведаць выставу "Вянок «Вянкоў"

23.02.2023

Выставачны праект прымеркаваны да 110-годдзя з часу выдання адзінага прыжыццёвага зборніка паэта "Вянок". Адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча "Вянок" пабачыў свет у далёкім 1913 годзе. Рэдкі экзэмпляр выдання, які сам паэт падарыў любімай цётцы – Марыі Ягораўне Галаван (Багдановіч) можна пабачыць на выставе. Там жа прадстаўлены каштоўныя матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча: "Вянок" 1913-га года з аўтографам аўтара, фотаздымкі Марыі Галаван і яе дома ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе яна пражыла амаль 20 гадоў, віншаванні любай цётцы ад пляменнікаў. Выстава – унікальная магчымасць пабачыць зборнікі-арыгіналы "Вянка". Усяго на працягу года будзе прадстаўлена 12 асобнікаў. Расказаў загадчык музея паэта Міхась Бараноўскі.

Зборнік вершаў Максіма Багдановіча "Вянок" па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагі чытачоў і даследчыкаў, кампазітараў і мастакоў. Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча беражліва захоўваюць кнігі з аўтографам паэта, прэзентуюць "Вянок" падчас імпрэз і выстаў, збіраюць інфармацыю пра арыгінальныя зборнікі, вядуць даследчыцкую працу. Адзначыла галоўны захавальнік фондаў музея Алена Кніга.