Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і святары Будслаўскага касцёла павіншавалі вернікаў з Калядамі

25.12.2018

25 снежня Божае Нараджэнне адзначылі не толькі каталікі, але і праваслаўныя некаторых краін, лютэране і іншыя пратэстанцкія канфесіі.

Першыя звесткі пра святкаванне хрысціянамі Нараджэння датуюцца 4-м стагоддзем. Пытанне аб рэальнай даце нараджэння Ісуса Хрыста спрэчнае. Магчыма, выбар 25 снежня звязаны з тым, што ў гэты дзень адзначалася язычніцкае свята нараджэння Сонца Непераможнага".

У свята Божага Нараджэння, калі казачна ўпрыгожаныя вуліцы, крамы і дамы, прыбраныя ёлкі ззяюць тысячамі рознакаляровых ліхтарыкаў, варта не забыцца пра галоўны сэнс свята – Маленькі Езус павінен нарадзіцца ў сэрцы кожнага чалавека. Менавіта на гэта звярнуў увагу у сваім калядным віншаванні мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Па ўсёй краіне прайшлі святочныя богаслужэнні. У Беларусі каля 500 касцёлаў, дзе вернікі падзяліліся адно з адным святочнай аплаткай.

Віншаванні слухачам канала “Культура” перадалі з Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, ксёндз Дзмітрый Дубовік і вікарый парафіі, ксёндз Павел Трон.

Фота: pxhere.com