Новы сумесны праект з музеем Янкі Купалы

Пад знакам 110-годдзя ад выдання зборніка вершаў “Шляхам жыцця” першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы на нашым канале пачынаецца чарговы сумесны праект з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

Па апошніх суботах кожнага месяца 2023 года ў праграме “Прачулым радком”, што выходзіць у 12:05 і 18:50, будуць гучаць выбраныя творы са зборніка-юбіляра ў выкананні артыста Алега Вінярскага з каментарыямі супрацоўнікаў музея песняра.

Нагадаем, летась на канале “Культура” выходзіў сумесны праект “Слухаем класіка”, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.