Сусветны дзень паэзіі ў эфіры і па-за ім

Святочны эфір і вечар-прэзентацыю, прысвечаныя Сусветнаму дню паэзіі, 21 сакавіка правядзе канал “Культура” Беларускага радыё.

Вершаваныя радкі гучаць на спецыялізаванай радыёхвалі штодзённа ў праектах “Адным штрыхом” і “Прачулым радком”. Рубрыкі знаёмяць з паэтычнай спадчынай Беларусі, адкрываюць слухачам забытыя і малавядомыя імёны з плеяды таленавітым майстроў паэтычнага слова. Падарункам для слухачоў у Сусветны дзень паэзіі стануць дадатковыя тэматычныя блокі з выбранымі творамі паэтаў розных пакаленняў, у тым ліку класікаў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Пімена Панчанкі.

Прэзентацыя ўзгаданых і іншых літаратурных праектаў канала “Культура” адбудзецца ўвечары 21 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Мерапрыемства пройдзе з удзелам паэта, намесніка дырэкатара канала “Культура”, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча, артыстаў Беларускага радыё Алега Вінярскага і Маргарыты Захарыі, іншых супрацоўнікаў “Культуры”. У наведвальнікаў імпрэзы будзе магчымасць пачуць галасы класікаў,  якія ў мінулым стагоддзі агучвалі ўласныя вершаваныя творы ў радыёстудыях. Пачатак вечарыны-прэзентацыі – у 18:30.

Дарэчы, у перадачы “Прачулым радком” кожную апошнюю суботу месяца на працягу года выходзяць выпускі сумеснага з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы праекта, прысвечанага 110-годдзю выдання зборніка вершаў класіка “Шляхам жыцця”. Каментарыі супрацоўнікаў установы аздабляюцца агучанымі радкамі са зборніка-юбіляра.