Тэкст дыктоўкі да Дня роднай мовы

ПАМЯЦЬ І ГОНАР

У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя падзеі, якія
становяцца кропкай адліку новага гістарычнага этапу. Трэцяга ліпеня
тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года – знакавая дата для нашай
краіны, для кожнага яе жыхара. Менавіта гэты дзень па волі беларусаў
стаў Днём Незалежнасці, звязаўшы ў адно цэлае такія высокія паняцці,
як Перамога і Свабода. Сёлета мы рыхтуемся да гэтага свята з
асаблівымі пачуццямі, бо яно супадае з васьмідзесяцігоддзем з дня
вызвалення нашай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Часта гісторыя распараджалася так, што Беларусь імкнуліся
заваяваць, падпарадкаваць, паглынуць... Цаной уласных жыццяў нашы
продкі адстойвалі сваю зямлю. Менавіта яны захавалі для нас мір і
незалежнасць. Самаахвярна, смела, гераічна. Мы свята ўшаноўваем
подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, добра разумеючы, што наша свабода і
незалежнасць заснаваны на заслугах пакаленняў пераможцаў. А абараняць і
захоўваць яе – нам, іх нашчадкам.

Сёння наша незалежнасць – гэта найперш моцная і прыгожая
краіна, гэта дасягненні беларусаў, якія з аптымізмам ствараюць сваю
будучыню. Гэта наш неацэнны духоўны скарб – багатая і ўнікальная
культура, набыткі якой цэняцца ва ўсім свеце. Гэта непаўторнае
адчуванне гонару за сваю краіну і ўсведамленне таго, што мы,
беларусы, – адзіная, незалежная, свабодная і добразычлівая сям'я. Пра
гэта варта памятаць. І гэтым варта жыць.