У Мінску праходзіць выстава "Марачная гісторыя"

09.08.2022

У Доме-музеі I з'езда РСДРП, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, праходзіць выстава "Марачная гісторыя". Экспазіцыя падрыхтавана сумесна з калекцыянерам Аляксандрам Камяком. Філатэлія - адзін з самых распаўсюджаных відаў калекцыянавання ў сучасным свеце. Паштовая марка мае арыгінальны малюнак, надпісы, дэкор і служыць дакументальным пацвярджэннем факта аплаты паштовых паслуг, мае пэўны намінальны кошт. Да XIX стагоддзя паштовых марак не існавала, першая з'явілася толькі ў 1840 г. у Вялікабрытаніі. У народзе яе звалі "чорны пені", бо для яе друку выкарыстоўвалі чорную фарбу, а каштавала яна па тых часах 1 пені, пазней з'явілася марка "чырвоны пені". Хаджэнне паштовай маркі на тэрыторыі Беларусі адбылося разам з яе ўвядзеннем у Расійскай імперыі ў 1857 г. На выставе таксама экспануюцца паштовыя маркі розных краін. Пра экспазіцыю расказвае вядучы навуковы супрацоўнік музея Андрэй Ляневіч.

Фота - domusmuseum.histmuseum.by