У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя супольнага праекта музея і навукова-метадычнага часопіса "Роднае слова" да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22.12.2022

На мерапрыемстве прысутнічалі аўтары часопіснага раздзела "І мудрасці, і ведаў храм", які на працягу бягучага года выходзіў у кожным нумары "Роднага слова". Расказвае галоўны рэдактар Наталля Шапран.

Сучасная бібліятэка – не толькі асяродак захавання кніжнай спадчыны, але і цэнтр навукова-асветніцкай дзейнасці, без якога цяжка ўявіць культурную прастору сучаснай Беларусі. Юбілей галоўнай кніжніцы краіны стаў важнай падзеяй для нацыянальнай культуры і добрай нагодай яшчэ раз звярнуцца да скарбаў айчыннага пісьменства, асэнсаваць традыцыі і адметнасць беларускай кнігі, дакрануцца да гісторыі і таямніц найстарэйшага кнігасховішча, акрэсліць ролю бібліятэк у асветніцкай дзейнасці педагогаў, навукоўцаў, літаратараў, адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка.

Мастацкім увасабленнем праекта сталі творы са збору музея, аб’яднаныя эпіграфічнымі словамі Францыска Скарыны: "Любіце кнігу, бо яна – крыніца ведаў, мудрасці і навукі, лекі для душы". Некаторыя з гэтых твораў прадстаўлены падчас прэзентацыі (чытачы часопіса змаглі ўбачыць 21 мастацкую работу, у тым ліку тыя, што рэдка пакідаюць музейныя фонды). Круглы стол – фінальнае мерапрыемства супольнага праекта, да ўдзелу ў ім былі запрошаны прадстаўнікі навуковай і літаратурна-выдавецкай грамадскасці, у тым ліку аўтары часопіса "Роднае слова", якія абмяркуюць ролю кнігі ў культуратворчых працэсах сучаснасці.

Фота - artmuseum.by