Віншавальны марафон і віктарына

Канал «Культура» да Сусветнага дня радыё, што адзначаецца 13 лютага, рыхтуе насычаны эфірны дзень, які прадэманструе разнастайнасць усіх існуючых жанраў радыёжурналістыкі, а таксама запрашае слухачоў да інтэрактыву. У групах канала сацыяльных сетак Facebook, ВКонтакте і Instagram адбудзецца марафон «Любімае радыё “Культура”!». Падпісчыкам прапануецца напісаць віншаванне вядучым у арыгінальнай форме, але з абавязковай пачатковай фразай, вынесенай у назву акцыі. Аўтараў нестандартных паведамленняў чакаюць падарункі ад любімага радыё.

Паралельна ў Facebook адбудзецца інтэлектуальна-пазнавальная віктарына «Пяць пытанняў пра “Культуру”». На працягу дня ў групе будуць размяшчацца пытанні, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці спецыялізаванай радыёхвалі. Нумар пытання адпавядае колькасці патрэбных назваў ці імён у адказе. Вынікі падвядуць на наступны дзень, у Міжнародны дзень дарэння кніг. Самыя актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымаюць у падарунак зборнік друкаваных матэрыялаў пра канал «Культура».