Віртуальны музей да 100-годдзя пісьменніка-франтавіка Алеся Махнача

17.02.2023

Да Году міру і стваральніцтва культурныя ўстановы Беларусі ладзяць выставы, творчыя сустрэчы, прысвечаныя нашай гісторыі і сучасным дасягненням, памяці знакамітых землякоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у захаванне міру на нашай зямлі. Так, супрацоўнікі Уздзенскай раённай цэнтральнай бібліятэкі стварылі віртуальны музей. Ён прысвечаны 100-годдзю пісьменніка-франтавіка Алеся Махнача, расказвае пра яго жыццё і творчасць. Алесь Махнач — заслужаны работнік культуры Беларусі, празаік, драматург, публіцыст, аўтар сцэнарыяў да тэлеспектакляў "Маленькія салдаты", "Гаўроўшы Брэсцкай крэпасці", "Мы будзем жыць". Ён быў сярод тых, хто абараняў Брэсцкую крэпасць, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1 і 2-й ступені, медалямі. Дырэктар Уздзенскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Аксана Драчан адзначыла, што віртуальны музей Алеся Махнача дазволіць найбольш поўна і творча пазнаёміць моладзь з жыццём і спадчынай знакамітага земляка.

Бібліятэкар Алена Кучук расказала, што памяць пра Алеся Махнача ўшаноўваецца на Уздзеншчыне. На малой радзіме пісьменніка ў вёсцы Забалацце і ў раённым цэнтры вуліцы носяць яго імя, праводзяцца штогадовыя канферэнцыі з удзелам даследчыкаў.

Фота - uzdalib.by