Юбілейная вечарына Навума Гальпяровіча “Сэлфі з часам”

Творчая вечарына “Сэлфі з часам” паэта, журналіста, публіцыста, тэле- і радыёвядучага, намесніка дырэктара канала “Культура” Беларускага радыё Навума Гальпяровіча, прысвечаная 75-годдзю творцы, адбудзецца 9 лютага 2023 года ў вялікай зале сталічнага Дома літаратара (вул. Фрунзе, 5) у 17:00.

Навум Гальпяровіч працуе ў Белтэлерадыёкампаніі з 1981 года. Быў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё ў Віцебскай вобласці, галоўным дырэктарам міжнароднага радыё “Беларусь”, аўтар і вядучы шматлікіх радыёперадач, тэлепраграмы “Суразмоўцы”.

“Літаратурны талент і прафесійны вопыт Навума Якаўлевіча высока цэняць не толькі ў калектыве “Культуры”, але і нашы слухачы, – зазначыў дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок. – А таму для прыхільнікаў культурнай хвалі мы падрыхтуем радыёверсію вечарыны, якая прагучыць у межах перадачы "Канцэртная зала"”.

У творчым вечары возьмуць удзел землякі з Полацка і Наваполацка, артысты, спевакі, удзельнікі народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. У прыватнасці, вершы паэта будуць чытаць артысты Беларускага радыё Алег Вінярскі і Маргарыта Захарыя, песні на словы Навума Гальпяровіча выканаюць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Алег Сямёнаў, акцёр тэатра і кіно Сяргей Кравец. Свае віншаванні юбіляру таксама падрыхтавалі вядомая фалькларыстка з Гомеля Ірына Глушэц, майстар батлейкі з Наваполацка Андрэй Рэцікаў, супрацоўнікі Полацкага музея беларускага кнігадрукавання.

У наведвальнікаў будзе магчымасць набыць новыя кнігі юбіляра з яго аўтографам.

Арганізатары вечарыны – Белтэлерадыёкампанія, Саюз пісьменнікаў Беларусі і народны літаратурны тэатр “Жывое слова”.