З Новым годам і 21 гадавінай канала "Культура"!

«У новы год – разам з каналам “Культура”» – так называецца эфірная акцыя спецыялізаванай хвалі Беларускага радыё, якая працягнецца ўсе выхадныя. У радыёпраектах розных жанраў слухачоў чакаюць святочныя падарункі – лепшае з культурнай спадчыны Беларусі і свету, прысвечанае Новаму году і Калядам. Звяртаем увагу, што з 1 студзеня 2023 года на канале пачынаецца новы сезон і адбыліся некаторыя змены ў раскладзе.

Непасрэдна ў першыя хвіліны новага года канал «Культура» прапануе «Навагодні канцэрт» сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, складзены з папулярных твораў П. Чайкоўскага, Ж. Афенбаха, І. Брамса, Я. Глебава, І. Дунаеўскага і інш. У іншых музычных праектах прагучыць святочная музыка класікаў Г. Ф. Гендэля, І. С. Баха, І. Штрауса, Д. Расіні, А. Вівальдзі, Ф. Легара; калядныя праграмы Б. Стрэйзанд, Г. Коніка, Д. Элінгтана і інш.; любімыя мелодыі эстрады, кіно і тэатра.

Прыхільнікаў тэатра перад мікрафонам у навагоднія выхадныя (субота, нядзеля ў 10:05) чакаюць радыёспектаклі для дзяцей «Прыгоды ёлачных цацак»  і «Ёлачка-іголачка», дарослую аўдыторыю (субота, нядзеля ў 21:30)– радыёверсія спектакля «Аднойчы ў навагоднюю ноч», літаратурна-музычная кампазіцыя А. Вайнштэйна «Навагодняя сустрэча», аперэта І. Штрауса «Цыганскі барон» (субота-нядзеля, 19:00).

Інфармацыйная служба канала 31 снежня ў 14:00 падвядзе вынікі культурнага года ў пашыраным выпуску «Навін». У 14:30 у суботу пачнецца святочны выпуск перадачы "Арт-пікнік". Таксама ў суботу ў 08:05 і 12:05 прагучыць апошні выпуск сумеснага з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы праекта «Слухаем класіка», які выходзіў на «Культуры» цэлы год і прысвячаўся 140-годдзю з дня нараджэння песняра. У першы дзень новага года ў рубрыцы «Прачулым радком» у 12:05 і 18:50 прагучаць лепшыя вершы айчынных паэтаў пра Беларусь.

Пра сімвал новага года ў творах мастацтва раскажа перадача "Лекторый" - 1 студзеня ў 12:15.

У святочным выпуску праграмы «Дыялогі пра культуру» 2 студзеня ў 12:30 і 21:30 будуць падведзены вынікі эфірнага года і акрэслены планы на новы год.

Дарэчы, 1 студзеня каналу «Культура» споўніцца 21 год. Заснаваная ў 2002 годзе спецыялізаваная радыёхваля Беларускага радыё застаецца вернай свайму канцэптуальнаму дэвізу «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці» і прапануе ўнікальны кантэнт для ўзвышэння чалавека.

Віншуем з Новым годам і 21-й гадавінай "Культуры"! Заставайцеся з намі!