"Мэры Попінс"

  • Главная
  • Фото
  • Аудио
  • Видео
  • Автор

Адзіная ў Беларусі радыёпраграма для дзяцеі і пра дзяцей упершыню выйшла ў эфір 1 верасня 2008 года. Ідэю такога праекта падказалі радыёслухачы, якія тэлефанавалі і цікавіліся: "А што ж ёсць на вашым канале для дзяцей?" Адказу на гэта пытанне не было нават у журналістаў-маці, якія працуюць на канале. Яны і аб'ядналіся ў каманду, каб стварыць праект, які быў бы цікавы дзецям розных узростаў. Так і з'явілася ў эфіры радыёняня "Мэры Попінс". Не сакрэт, што правобразам яе стала гераіня Памэлы Трэверс, але кожная з радыёвядучых праекта надала ёй свае рысы, а некаторыя ідэі былі пратэсціраваныя на ўласных дзецях.  

Раней лічылася, што Зямля стаіць на трох кітах. Магчыма, невыпадкова праект "Мэры Попінс" трымаецца на трох складніках: выхаванне, вучоба, вольны час. Ён фарміруе светапогляд, вучыць вечным чалавечым каштоўнасцям, знаёміць з усімі магчымасцямі, якія ёсць у нашай краіне, каб дзіця расло гарманічна развітай асобай, і самае галоўнае - дае магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам заявіць пра сябе. За гэтыя гады ў эфіры радыёпраграмы пабывала вялікая колькасць дзіцячых творчых калектываў, юных мастакоў, танцораў, выканаўцаў, пераможцаў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый. Для многіх гэта было першае радыёінтэрв’ю ў жыцці.

Творчая каманда праграмы "Мэры Попінс" не толькі працуе ў эфіры, але і арганізоўвае спецыяльныя праекты. 

2010 - арганізатар ўдзелу беларускіх дзяцей у Міжнародным творчым конкурсе Еўрапейскага вяшчальнага саюза "Скарбы прабабулінага куфэрка". Больш за сто работ беларускіх школьнікаў былі адпраўлены ў Прагу, у Музей сучаснага мастацтва.  

2011 - дабрачынная акцыя ў Кобрынскім дзіцячым доме з юнымі артыстамі-мінчанамі.

2012 - Рэспубліканскі радыёконкурс юных чытальнікаў "Паэтычны ветразь", прымеркаваны да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і аб'яўленага Года кнігі.

2014 - праект “Усе дзеці таленавітыя” сумесна з дзецьмі, якімі апякуецца Грамадская арганізацыя “Беларускі дзіцячы фонд SOS дзіцячая вёска”.

2015 - стварэнне аўдыяверсіі кнігі "Ніколі не забудзем. Унукі пра вайну" сумесна з Грамадскім аб'яднаннем "Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя" да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

2016 - праект “Усе дзеці таленавітыя–2” сумесна з Грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”.

2016 - Рэспубліканскі радыёконкурс юных чытальнікаў "Паэтычны ветразь - 2" з нагоды 120-годдзя Кандрата Крапівы, 125-годдзя Максіма Багдановіча і Года культуры.

Аўтар ідэі - Таццяна Гулевіч

Расклад на тыдзень 

 

Spoiler: Highlight to view

Панядзелак

"Дэсант на парасоне" - аператыўны рэпартаж з месца падзеі. Гэта можа быць як звычайны школьны ўрок, так і якая-небудзь імпрэза, выстава, вечарына, канцэрт з удзелам юных талентаў.

"Самакат часу" - рубрыка прысвечана школьным музеям, якія, магчыма, не могуць пахваліцца ўнікальнымі экспанатамі, але звычайна аб'ядноўваюць вакол сябе сапраўдных энтузіястаў. Мы пачуем не толькі экскурсаводаў, але і наведвальнікаў. Аўтар - Наталля Сіротка.

"Дзіцячы радыётэатр" - гартаем старонкі прыгодніцка-фантастычнага рамана маладога беларускага аўтара Ксеніі Шталенковай (арфаграфія захавана. - Рэд.) "Адваротны бок люстра" разам з Мікітам Монічам.

Вядучая - Наталля Сіротка

Аўторак

"Барометр настрою" - своеасаблівая псіхалагічная кансультацыя. Дзеці і падлеткі распавядаюць пра пэўныя жыццёвыя сітуацыі, якія выклікаюць цяжкасці і дыскамфорт. Парады даюць сталічныя псіхолагі. Аўтар - Вольга Антоненкава.

"Будзь профі" - прафарыентацыя школьнікаў. Дзе і як атрымаць тую ці іншую прафесію, як зрабіць правільны выбар, знаёмства з прафесіяналамі, тымі, хто дасягнуў пэўных поспехаў у абранай прафесіі. Аўтар - Вольга Антоненкава.

"Гасцёўня Мэры Попінс" - прамы эфір з цікавымі творчымі дзецьмі, іх бацькамі, мастацкімі кіраўнікамі і педагогамі. Адно з абавязковых пытанняў дарослым – узгадаць, якімі яны былі ў дзяцінстве. Аўтар - Таццяна Гулевіч.

Вядучая - Вольга Антоненкава

Серада

"За манежам" - рубрыка прысвечана цыркавому мастацтву. У ёй будзе знаёмства з гісторыяй як беларускага, так і сусветнага цырка, аповед пра цыркавыя жанры і сустрэчы з артыстамі, як пачаткоўцамі, так і прадстаўнікамі вядомых цыркавых дынастый. Аўтар - Вольга Антоненкава.

"Гематаген" - Як уладкавана наша цела? Чаму нельга чытаць лежачы? Як правільна чысціць зубы? Простыя адказы на няпростыя пытанні пра наш арганізм будзем разам шукаць у рубрыцы “Гематаген”. Дапамагаць у гэтым будуць не толькі прафесійныя дактары, але і тыя, хто толькі збіраецца імі стаць. Аўтар - Аляксандра Грэчка.

"Гасцёўня Мэры Попінс" - прамы эфір з цікавымі творчымі дзецьмі, іх бацькамі, мастацкімі кіраўнікамі і педагогамі. Адно з абавязковых пытанняў дарослым – узгадаць, якімі яны былі ў дзяцінстве. Аўтар - Вольга Антоненкава.

Вядучая - Вольга Антоненкава

Чацвер

"Фортка" - назва рубрыкі запазычана з лексікона настаўнікаў, і менавіта яны будуць у цэнтры нашай увагі. Вядомыя педагогі мінулага, знакамітыя пераможцы конкурсу «Настаўнік года», аўтары сучасных методык і проста любімыя настаўнікі – ва ўспамінах сваіх вучняў і ў інтэрв'ю з імі самімі. Мэта рубрыкі – узняць прэстыж прафесіі настаўніка. Аўтар - Наталля Сіротка.

"Let's play" - знаёмімся з папулярнымі настольнымі і інтэлектуальнымі гульнямі мінулага і сучаснасці, а таксама з тымі, хто ў іх гуляе. Героі – дзеці, падлеткі – падзеляцца, чаму іх так захапляе тая ці іншая гульня, а таксама паспрабуюць пераканаць заклапочаных бацькоў, што і гэты занятак можа прыносіць карысць. Аўтар - Лія Плотнікава.

"Піт-стоп" - героямі становяцца выключна хлопчыкі і юнакі, курсанты навучальных устаноў, напрыклад, навучэнцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча і вучні кадзецкіх класаў, а таксама юныя спартсмены і тэхнікі, якія раскажуць пра сябе, свае захапленні і навучанне. Усё гэта дазволіць сучасным тынэйджарам выхаваць у сябе лепшыя мужчынскія якасці. Аўтар - Вольга Антоненкава.

Вядучая - Вольга Антоненкава

Пятніца

"Сакваяж" - аповеды ў форме пуцявых нататак пра адметныя мясціны Беларусі. Інфармацыя бярэцца з асабістага вопыту вядучай і будуецца на ўражаннях пра гарады і населеныя пункты, у якіх яна пабывала сама. Мэта – зацікавіць юных слухачоў самастойна даследаваць сваю малую радзіму, тым самым абудзіць цікаўнасць да краіны ў цэлым, яе гісторыі і культуры. Аўтар - Вольга Клязовіч.

"Астэроід Б-612" - знаёмім юных слухачоў з раслінным і жывёльным светам, вывучаем флору і фауну роднага краю, расказваем пра цікавыя экалагічныя факты, а таксама распытваем хлопчыкаў і дзяўчынак пра іх хатніх гадаванцаў і аранжарэі на падаконніку. Аўтар - Лія Плотнікава.

"Ад барока да хард-рока" - папулярызуем музыку розных напрамкаў сярод дзяцей, моладзі і іх бацькоў. Цікавыя аповеды пра самых знакамітых кампазітараў, музыкантаў, выканальнікаў і гурты, музычныя плыні мінулага і сучаснага, а таксама народная вакальная і інструментальная музыка як у аўтэнтычным выглядзе, так і ва ўсемагчымых сучасных апрацоўках. Аутар - Аляксандра Грэчка.

Вядучая - Аляксандра Грэчка