Докшыцкія сустрэчы

 

У прасторнай зале Докшыцкай музычнай школы адбылася сустрэча з запрошанымі гасцямі з Мінска - намеснікам дырэктара канала "Культура" Беларускага радыё, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусі, пісьменнікам Навумам Гальпяровічам і акцёрам, рэжысёрам Беларускага радыё Алегам Вінярскім. Госці расказалі аб найбольш цікавых літаратурна-мастацкіх праграмах радыёканала.
Падчас сустрэчы адбылася таксама прэзентацыя кніг Навума Гальпяровіча "Ветразь лёсу" і "Горад", якія выйшлі сёлета. Творы з выданняў прагучалі ў выкананні аўтара і Алега Вінярскага.
Жадаючыя змаглі атрымаць аўтограф пісьменніка, задаць пытанні, звязаныя з яго творчасцю і работай канала па асвятленні здабыткаў айчыннай культуры.