Абвяшчаем конкурс чытальнікаў!

Канал “Культура” абвяшчае аб правядзенні конкурсу чытальнікаў “Белая птушка”, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння класіка Янкі Маўра і 95-годдзю аповесці пісьменніка “Сын вады”.

Да ўдзелу запрашаюцца школьнікі, студэнцкая моладзь, сем’і, а таксама ўсе жадаючыя паспрабаваць сябе ў мастацкім чытанні. Творчае спаборніцтва праводзіцца ў чатырох катэгорыях: моначытанне ў малодшай узроставай групе (6–13 гадоў), моначытанне ў старэйшай узроставай групе (13–18 гадоў),  моначытанні дарослых (18 гадоў і пасля), чытанні па ролях. Удзельнікам неабходна агучыць фрагменты твора Янкі Маўра і даслаць іх у аўдыя- ці відэаварыянце на электронны адрас kultura_konkurs@radio.tvr.by.

Прыём конкурсных матэрыялаў працягнецца да канца жніўня, пасля іх ацэніць журы, складзенае са спецыялістаў у галіне тэатральнага мастацтва і літаратуры, мастацкага радыёвяшчання, музейнай справы. Сярод крытэрыяў ацэнкі чытання – разуменне тэксту, эмацыянальнасць, тэхніка маўлення, якасць гучання. Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў адбудзецца ў верасні-кастрычніку.

Лепшыя запісы, аўтары якіх атрымаюць падарункі, прагучаць у эфіры канала “Культура” – для праграмы “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя” будзе падрыхтаваны радыёсерыял “Сын вады”.

Конкурс “Белая птушка” праводзіцца сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Палажэнне, заяўка, тэксты для агучвання размешчаны на сайце канала “Культура” https://radiokultura.by/be/peredacha/konkurs-belaya-ptushka.