16.05.2017
Сёння ў Мінску пачаліся фінальныя падзеі XXVI Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота "Млын моды - 2017”. Творчае спаборніцтва арганізавана для дызайнераў, мадэлей, фатографаў, стылістаў. У Палацы спорту пакажуць сто калекцый беларускіх дызайнераў. Вызначаць лепшых міжнародныя эксперты, спецыялісты ў галіне моды і дызайну вядучых замежных устаноў і арганізацый з Іспаніі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны. Старшыня журы - загадчык аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Святлана Гнядзёнак адзанчае, што ў фінал выйшлі самыя моцныя калекцыі, якія варта паказаць вялікай публіцы.
Арганізатары Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота "Млын моды - 2017” адчулі сапраўды высокую цікавасць да гэтай падзеі. Яны атрымалі эскізы 450 калекцый. Акрамя ста беларускіх удзельнікаў, на подыуме пакажуць і дызайнерскія работы гасцей. Упершыню Беларусь наведвае Ніка Шабашова з Масквы. Пераможца расійскага Міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў “Рускі сілуэт” прывезла на конкурс новую калекцыю.
Сёлета ў намінацыі “Фота” на фестывалі-конкурсе моды і фота "Млын моды - 2017” абралі спецыяльную тэму – “Сацыяльны рэпартаж у стылі фэшн”. Кожны аўтар абраў свой напрамак. Сярод іх – экалогія, бяздомныя жывёлы, залежнасць дзяцей ад сацыяльных сетак. Конкурсныя работы 30 фатографаў можна будзе ўбачыць у аўторак падчас паказаў у Палацы спорту.
На фота - Вячаслаў Зайцаў і Ніка Шабашова, h-dva-o.ru