12.05.2021
У выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пабачыла свет кніга “Вандроўкі па Палессі”. Якімі былі палешукі, у што апраналіся, чым займаліся і як уладкоўвалі побыт – пакажуць фотаздымкі 1920-х-30-х гадоў. На старонках выдання іх больш за дзве сотні. Прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Лабачэўская скампанавала здымкі такім чынам, што кніга ўяўляе сабой нібыта падарожжа па водных маршрутах рэгіёна.
Большасць фота, паказаных у альбоме, зрабіў у 1920-30-я гады краязнавец Дзмітрый Георгіеўскі. Тады ён кіраваў Музеем беларускага Палесся ў Пінску. Да нашых дзён захаваліся шкляныя негатывы з яго фотаздымкамі, бо, на шчасце, этнаграфічны збор пінскага музея амаль не пацярпеў падчас вайны. Частку негатываў надрукавалі ў 1960-я, а астатнія амаль стагоддзе праляжалі ў скрыні. Толькі два гады таму іх перадалі ў Дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў і алічбавалі. Расказвае спецыяліст архіва Генадзь Дубатоўка.
Альбом “Вандроўкі па Палессі” спадабаецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай нашай краіны, таксама яго могуць выкарыстоўваць выкладчыкі як дадатковы матэрыял для школьнікаў і студэнтаў.
Фота: sb.by