Альбом “Вітольд Бялыніцкі-Біруля” выйшаў у выдавецтве "Беларусь"

21.09.2020

У выдавецтве “Беларусь” пабачыў свет альбом “Вітольд Бялыніцкі-Біруля”. Ён знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам славутага жывапісца, яго адметнымі работамі. Усяго на старонках кнігі – больш за 130 рэпрадукцый. Выхад альбома прымеркавалі да Дня беларускага пісьменства, які сёлета прайшоў на радзіме пейзажыста – у Бялынічах. Над выданнем працаваў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў.

Падчас прэзентацыі выдання ў Нацыянальным мастацкім музеі мастачка Марыя Ісаёнак падарыла ўстанове дзве карціны. Яе нацюрморт і пейзаж мужа, жывапісца Мікалая Ісаёнка – гэта прысвячэнне Вітольду Бялыніцкаму-Бірулю. Творы размесяць у экспазіцыі музея мастака ў Магілёве.

На паліцы кнігарняў і бібліятэк адправіцца 900 экзэмпляраў альбома “Вітольд Бялыніцкі-Біруля”. Карысным выданне будзе і для замежнай аўдыторыі, бо тэкст пададзены на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай.

Фота: artmuseum.by