Аўдыякніга "Каляровая затока" - да дня нараджэння Пятра Васючэнкі ў эфіры "Культуры"

12.02.2020 

15 лютага знакаміты беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, супрацоўнік канала "Культура" Пятро Васючэнка мог бы адзначыць дзень нараджэння. На жаль, летам 2019 года Пятро Васільевіч заўчасна пайшоў з жыцця. Засталіся не толькі ўспаміны, але і кнігі. Адну з іх у аўдыяварыянце - дзіцячую экалагічную казку "Каляровая затока" - з 12 лютага да дня нараджэння аўтара, сябра і былога калегі прапануе канал "Культура". Кніга прагучыць у праграме для дзяцей і падлеткаў "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя".

Агучыла казку артыстка Беларускага радыё Ліка Пташук. "Мы запісвалі кнігу летам. Здаецца, увесь час свяціла сонца. У рэальнасці, вядома, гэта было звычайнае лета, але яскравы, празрысты тэкст Пятра Васючэнкі ствараў сапраўды сонечны настрой", – расказала выканаўца.

Абірае дзіцячую літаратуру для агучвання ў рубрыцы "Чароўны куфэрак" рэдактар Наталля Сіротка. На выбар "Каляровай затокі" паўплывала ў тым ліку асабістая гісторыя. Наталля гаворыць: "Кніга Пятра Васючэнкі выйшла больш за дзесяць гадоў таму, першыя яе чытачы ўжо сталі дарослымі. Калісьці мы чыталі яе са старэйшай дачкой. Два гады таму, выбіраючы навучальную ўстанову, дачка абрала лінгвістычны універсітэт, у тым ліку таму, што кафедрай беларускай мовы там загадваў Пятро Васючэнка". 

Рубрыка "Чароўны куфэрак" дае магчымасць самым юным слухачам канала "Культура" азнаёміцца з класічнымі і сучаснымі творамі для дзяцей. У эфіры прагучалі творы "Нявеста для Базыля" Галіны Пшонік, "Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў" Ганны Янкуты, "Змеева Дуброва" Юльяны Пятрэнкі. У планах  творы Алеся Бадака, Раісы Баравіковай, Паўла Місько.

Дзіцячы праект "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя" гучыць на канале "Культура" кожны будны дзень з 16:05 да 17:00, паўтараецца на заўтра ў 10:05. "Чароўны куфэрак" выходзіць у эфір з аўторка да пятніцы. Архіў праграм размяшчаецца на сайце www.radiokultura.by 

Фота: Пятро Васючэнка, sozvuchie.by