Чарговы том "Старадаўніх сядзіб Гродзеншчыны" расказвае пра сядзібы Лідскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Астравецкага і Ашмянскага раёнаў

21.07.2020

Месяц таму выйшаў чарговы том выдання Старыя сядзібы Гродзеншчыны. Кніга прысвечана сядзібам Лідскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Астравецкага і Ашмянскага раёнаў. Асноўныя матэрыялы падрыхтаваў Анатоль Федарук – прафесар, доктар біялагічных навук, які больш за сорак гадоў прысвяціў вывучэнню гісторыі і архітэктуры старадаўніх беларускіх маёнткаў. 

Гісторыя сядзібнага дойлідства ў Беларусі налічвае больш за пяць стагоддзяў. На думку Анатоля Федарука, сядзіба – гэта не проста пабудова, а феномен, які задумваўся як "ідэальны свет" з асаблівым духоўным зместам. Там нараджалася адметная культура садова-паркавага мастацтва, земляробства і жывёлагадоўлі.

Тыраж новага выдання  1000 асобнікаў, што няшмат, калі ўлічыць павышаную зацікаўленасць чытачоў.

Як адзначае спецыяліст выдавецтва “Беларусь” Анжэла Садоўская, кніга “Старыя сядзібы Гродзеншчыны” асабліва прывабная для экскурсаводаў, бо па ёй можна складаць гатовыя турыстычныя маршруты.

На фота ‒ дом Захватовічаў (lida.info)