24.03.2021
Студыя гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна” працягвае паказы ў сталічным кінатэатры “Піянер”. На экране – карціны дакументальнага цыкла “Сто імёнаў Беларусі”. Сёння гледачы ўбачаць фільм пра Уладзіміра Мулявіна “Песняр. Сэрцам і думамі” (2017-га года). Шлях славутага музыканта стваральнікі карціны даследавалі па інтэрв’ю блізкіх артыста і сямейных архівах. Расказвае прадзюсар Уладзімір Бокун.
На лёс Уладзіміра Мулявіна выпаў вялікі поспех, а разам з ім – адказнасць. З прыходам славы даследаванне культурных глыбінь, пошукі ўласнага голасу не спыніліся. Такая апантанасць уласцівая і іншым героям цыкла “Сто імёнаў Беларусі”. Ігнат Дамейка, Казімір Семяновіч, Соф’я Кавалеўская – людзі, чые адкрыцці змянілі свет. Падрабязнасці іх жыццяпісаў раскрываюць рэдкія архіўныя дакументы, інтэрв’ю з нашчадкамі і біёграфамі.
Фільмы дакументальнага цыкла “Сто імёнаў Беларусі” дэманструюць у сталічным кінатэатры “Піянер”. Прагляды дапаўняюць размовы са стваральнікамі карцін. Такія сустрэчы ладзяць раз на два тыдні. На сённяшнім паказе стужкі “Пясняр. Сэрцам і думамі” на пытанні аўдыторыі адкажа рэжысёр Уладзімір Арлоў.
Фота: sb.by