Галасаванне за ўдзельнікаў конкурсу "Паэтычны ветразь-2" пачынаецца 8 лістапада

01.11.2016

Прыём заявак на Рэспубліканскі радыёконкурс юных чытальнікаў «Паэтычны ветразь - 2» завершаны. Сёлета спаборніцтва прымеркавана да аб’яўленага ў Беларусі Года Культуры і 15-годдзя канала “Культура” Беларускага радыё і прысвечана юбілеям класікаў беларускай літаратуры Кандрату Крапіве і Максіму Багдановічу. Заяўкі прымаліся з 1 жніўня да 31 кастрычніка.

Жаданне паўдзельнічаць выказалі 156 канкурсантаў: 74 - у малодшай групе і 82 - у старэйшай. Гэта дзеці з Мінска, Жодзіна, Маладзечна, Мазыра, Вілейкі, Ліды і Шаркаўшчыны. Сярод удзельнікаў ёсць дзеці з асаблівымі патрэбамі, а некаторыя канкурсанты возьмуць удзел у конкурсе другі раз. За чатыры гады, якія прайшлі з першага «Паэтычнага ветразя», яны падраслі і зараз будуць удзельнічаць у старэйшай узроставай намінацыі. Упершыню ў межах праекта будзе арганізавана пазаконкурсная праграма, бо самаму маленькаму ўдзельніку толькі пяць гадоў, а побач з творчымі дзецьмі заўсёды знайшліся не менш творчыя настаўнікі, якія прысвячаюць вершы паэтам.

На працягу лістапада ў раскладзе праграмы «Мэры Попінс» будуць змены. Замест традыцыйных рубрык арганізуецца трансляцыя запісаных выступленняў удзельнікаў. За іх можна прагаласаваць падчас эфіру, даслаўшы SMS на кароткі нумар 7755 (паслуга платная). SMS-галасы суміруюцца з галасамі на сайце канала “Культура”. Той, хто стане лепшым па выніках абодвух галасаванняў, будзе запрошаны на фінал конкурсу.

Конкурсныя эфіры пачнуцца ў аўторак, 8 лістапада, ў 16.05. Пасля таго, як усе канкурсанты прагучаць у эфіры «Мэры Попінс», іх яшчэ раз на працягу тыдня можна будзе дэталёва расслухаць на сайце канала «Культура» radiokultura.by. Галасаванне на сайце будзе адкрыта з 1 да 7 снежня.

У сярэдзіне снежня стануць вядомы і імёны фіналістаў. Згодна з умовамі конкурсу, іх будзе па 15 чалавек у малодшай і ў старэйшай узроставых намінацыях.

Фінал конкурсу «Паэтычны ветразь - 2» запланаваны на 23 снежня ў Вялікай студыі Дома радыё.