Гараж і склеп адкрыюцца для наведвальнікаў дома-музея Якуба Коласа ў ноч музеяў

12.05.2017

Музеі Беларусі рыхтуюцца да “Ночы музеяў”. І пачынае сусветную акцыю ў суботу музей-запаведнік “Нясвіж”. Гасцей запрашаюць на вялікі вечаровы “Праменад па Нясвіжы ў стылі 20-30 гадоў 20 стагоддзя”. Іх сустрэнуць гаспадары палаца – Альбрэхт Антоній Радзівіл і яго дачка Эльжбэта. Дарэчы, ёй сёлета спаўняецца 100 гадоў. Увечары пакажуць праграму з залатога фонда нямога кіно. Звычайныя выставачныя залы на дзень ператворацца ў вуліцы, дзе працуе пошта, банк, аптэка, школа, крамы, атэлье, кінатэатр. Астатнія музеі паступова далучацца да свята. 18 мая традыцыйна ўваход у большасць устаноў будзе бясплатным. А 20-га арганізуюць масавыя мерапрыемствы з удзелам музычных гуртоў, з майстар-класамі, гульнямі. Пра праграму вечара “Святло ў вакне” літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа расказвае дырэктар установы Зінаіда Камароўская. Перад гасцямі ўстановы ўвечары выступяць таксама вядомыя беларускія гурты.

Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі, whereminsk.by