Гродзенскі аблдрамтэатр рыхтуе "Сезон рускай класікі"

05.01.2021

Гродзенскі абласны драматычны тэатр рыхтуе “Сезон рускай класікі”. У новым годзе калектыў пакажа серыю прэм’ер паводле яркіх літаратурных твораў. У планах – драма, камедыя побыту і нораваў, спектакль для дзяцей. Гледачоў абяцаюць уразіць эксперыментальным падыходам, нечаканымі сцэнаграфічнымі і пластычнымі рашэннямі. Расказвае рэжысёр Сяргей Яскевіч.

Пачне цыкл прэм’ер п’еса Аляксандра Сухаво-Кабыліна “Смерць Тарэлкіна”. Твор выкрывае сквапнасць, хлусню і неразумнасць, якія ламаюць чалавечыя жыцці. Жанр спектакля рэжысёр вызначыў як "надзвычай неверагодныя падзеі ў дзвюх дзеях".

Спектакль “Смерць Тарэлкіна” гродзенская публіка ўбачыць у сакавіку. Таксама ўвесну выйдзе дзіцячая пастаноўка “Бураціна ў Ізумрудным горадзе”. Работа на аснове дзвюх вядомых казак насычана музыкай і танцамі. П’есы Аляксандра Астроўскага і Мікалая Гогаля ўвасобяць на сцэне летам і ў пачатку восені.

Фота: lookmytrips.com