Інтэрактыўны праект “Радыё: на хвалі мастацтва” запрашае да ўдзелу!

09.12.2019 

Да 95-гадовага юбілею Беларускага радыё, які краіна адзначыць у наступным лістападзе, канал “Культура” падрыхтаваў маштабны інтэрактыўны праект “Радыё: на хвалі мастацтва” – шэраг пазнавальных тэматычных сустрэч са слухачамі.

Супрацоўнікі канала зладзяць сустрэчы, падчас якіх у наведвальнікаў з’явіцца магчымасць здзейсніць радыёпадарожжа ў мінулыя дзесяцігоддзі, дазнацца пра цікавыя факты з багатай гісторыі і сучаснай дзейнасці Беларускага радыё, апынуцца ў аўдыязале айчыннага радыё. Запланаваны супольныя праслухоўванні фондавых запісаў з абмеркаваннем пачутага, сустрэчы з былымі і цяперашнімі супрацоўнікамі радыё, акцёрамі, кампазітарамі і іншымі творцамі, што маюць дачыненне да радыёвяшчання краіны. 

Вечары ў межах праекта “Радыё: на хвалі мастацтва” будуць праходзіць раз на месяц са снежня 2019 да лістапада 2020  года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Першая сустрэча адбудзецца 19 снежня. Пачатак а 19-й гадзіне.

“Даведацца пра дату кожнай новай сустрэчы можна будзе на сайце канала ці ў суполках “Культуры” ў сацыяльных сетках. Наведвальнікаў нашых мастацкіх вечарын запрашаем распавесці пра ролю і ўплыў радыё на іх жыццё, падзяліцца ўспамінамі, павіншаваць любімых вядучых з юбілеем Беларускага радыё, – кажа дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок. – Кожная сустрэча будзе запісвацца, трансляцыі эфірных версій запланаваны ў межах папулярнай праграмы “Канцэртная зала”. Такім чынам мы дазволім завітаць на нашы вечарыны слухачам з усёй Беларусі”. 

Канал “Культура” ў сваёй дзейнасці арыентуецца на лепшыя духоўныя здабыткі краіны і свету, актыўна папулярызуе іх, займаецца стварэннем арыгінальнага мастацкага кантэнту, які папаўняе фонды не толькі Беларускага радыё, але і Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, адзіным членам якога ў нашай краіне з’яўляецца Белтэлерадыёкампанія.

Фота: Юля Ішмуратава