Канал «Культура» сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем правядзе спецыяльны праект «Дыялогі пра культуру: Перадзвіжнікі»

30.11.2021 

Канал «Культура» Беларускага радыё сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь правядзе спецыяльны праект «Дыялогі пра культуру: Перадзвіжнікі», прысвечаны жыццю і творчасці мастакоў-перадзвіжнікаў.

29 лістапада споўнілася 150 гадоў з моманту першай экспазіцыі рускага Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў. Пад знакам юбілею ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся праект «Перадзвіжнікі. Рэалізм. Асвета. Бізнес». У яго праграму ўключаны радыёсустрэчы з навуковымі супрацоўнікамі музея, куратарамі, экскурсаводамі.

Кожная перадача будзе прысвечана асобнай тэме – партрэт, побытавы жывапіс, пейзаж, бізнес у дзейнасці перадзвіжнікаў, уплыў мастакоў таварыства на іншыя віды мастацтва.

Спецыяльны праект з шасці выпускаў стартуе ў эфіры канала «Культура» 2 снежня ў 12:30 і будзе выходзіць па чацвяргах. Падкасты радыёсустрэч будуць змешчаны на юцюб-канале, у сацыяльных сетках «Культуры» і Нацыянальнага мастацкага музея.

Супрацоўніцтва канала «Культура» з Нацыянальным мастацкім музеем пастаянна развіваецца. У эфіры мы асвятляем часовыя выставачныя праекты, запрашаем музейных работнікаў на перадачы, дзе вядзём гаворку пра фонды, шэдэўры з калекцыі ўстановы, асаблівасці нацыянальнага выяўленчага мастацтва, – адзначае дырэктар канала «Культура» Уладзімір Трапянок. – Праект-падкаст – гэта новая форма ўзаемадзеяння з музеем, гібрыдны праект, закліканы прыцягнуць увагу сучаснікаў да сапраўднага мастацтва, здольнага натхняць і ўзвышаць чалавека.

Ілюстрацыя: facebook.com/NHMRB