Канал "Культура" вяшчае з культурнай сталіцы

10 чэрвеня канал "Культура" Беларускага радыё будзе вяшчаць з галоўнай пляцоўкі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2016", які ў гэты дзень адкрыецца ў культурнай сталіцы гэтага года.

Мабільная пераносная студыя канала размесціцца недалёка ад галоўнай сцэны фестывалю, і запрошаныя госці змогуць падключыцца да гутаркі з журналістамі і радыёслухачамі ў прамым эфіры, не аддаляючыся пры гэтым ад месца асноўных падзей музычнага форуму.

Гасцямі спецыяльнага праекта "Канал "Культура" вяшчае з культурнай сталіцы" стануць арганізатары, удзельнікі і ганаровыя госці фестывалю "Маладзечна-2016".

Побач з імправізаванай студыяй таксама разгорнецца фотавыстава Марыны Бацюковай "Радыё "Культура": візуалізацыя", якая прыадкрые для наведвальнікаў сакрэты творчай эфірнай кухні.

Завершыцца святочны радыёдзень трансляцыяй дыскусіі, падчас якой будуць абмяркоўвацца перспектывы развіцця музычнай культуры Беларусі, творчы і культурны патэнцыял рэгіёнаў, а таксама пытанні ўзаемадзеяння сучасных паэтаў і кампазітараў. Пачатак гутаркі ў 19:00.

"Удзел у фестывалі беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2016" стане чарговым праектам нашага радыё, прымеркаваным да рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі". Нагадаю, у ранейшыя гады супрацоўнікі канала праводзілі такія радыёдні ў Гродне і Брэсце", - адзначыла кіраўнік канала "Культура" Кацярына Агеева.