Канал "Культура" запусціў праект архіўных запісаў з удзелам вядомых дзеячаў нацыянальнай культуры і навукі

20.04.2020 

Пад знакам 95-гадовага юбілею Беларускага радыё, які краіна адзначыць у лістападзе, канал запусціў праект архіўных запісаў з удзелам вядомых дзеячаў нацыянальнай культуры і навукі 

Пад шапкай папулярнай пазнавальнай праграмы “Культурныя скрыжаванні” кожны чацвер выходзяць перадачы, створаныя вядомым літаратуразнаўцам, пісьменнікам, крытыкам Пятром Васючэнкам, які заўчасна пайшоў з жыцця. Пятро Васільевіч некалькі гадоў актыўна супрацоўнічаў з каналам “Культура”. За гэты час створаны ўнікальны аўдыяматэрыял пра асаблівасці развіцця беларускай літаратуры, уплыў розных працэсаў на яе фарміраванне, спадчыну нацыянальных аўтараў. 

Пазней слухачам стануць даступнымі актуальныя фондавыя запісы, у стварэнні якіх бралі ўдзел музыказнаўцы Вольга Дадзіёмава і Тамара Варфаламеева, кампазітары Андрэй Мдывані і Віктар Капыцько, музыкант, дыктар Беларускага радыё і тэлебачання Уладзімір Шэліхін, фалькларыст Мікола Козенка, рэжысёры Валерый Анісенка і Маргарыта Ізворска-Елізар’ева і іншыя. 

Дарэчы, надыходзячаму юбілею Беларускага радыё канал “Культура” прысвяціў некалькі праектаў. Да канца верасня працягваецца прыём заявак і работ на радыёконкурс сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр 2.0”. З палажэннем творчага спаборніцтва можна пазнаёміцца на сайце radiokultura.by. 

Знаёмства з сённяшнімі супрацоўнікамі Беларускага радыё адбываецца ў размоўных праграмах канала “Культура”.