Кніжная серыя гумарыстычных твораў "Несур'ёзна пра сур'ёзнае" адзначыла пяцігоддзе

10.01.2020

Кніжнай серыі "Несур'ёзна пра сур'ёзнае", над якой працуе выдавецтва “Чатары чвэрці”, споўнілася пяць гадоў. За гэты час выйшлі 24 гумарыстычныя зборнікі. Апублікаваны творы Анатоля Зэкава, Генадзя Аўласенкі, Міколы Шабовіча і іншых вядомых пісьменнікаў. На старонках – літаратурныя пародыі, вершы, байкі, эпіграмы, фельетоны, гумарэскі. Аўтары прапануюць пасмяяцца з жыццёвых рэалій, каб атрымаць энергію для штодзённых спраў. Расказвае паэт Яўген Хвалей.

У афармленні серыі кніг "Несур'ёзна пра сур'ёзнае" выкарыстаны творы мастака Валянціна Губарава. Яго карціны паказваюць жыццё звычайных людзей, персанажы надзелены карыкатурнымі рысамі.

Навінка кніжнай серыі – кулінарная аповесць Алеся Камароўскага “Смаку не абабрацца”. Гэта першы твор беларускай літаратуры ў такім жанры. Пісьменнік ладзіць экскурс у радзівілаўскія застоллі, знаёміць з прыгодамі дзеда Міколы, радуе чытачоў дасціпнымі жартамі. Кнігі серыі “Несур’ёзна пра сур’ёзнае” напоўнены добрым і якасным гумарам, які нікога не пакрыўдзіць і натхніць змяняцца да лепшага.

На фота – здымак карціны Валянціна Губарава (minsknews.by)