05.07.2021
Музей Марка Шагала ў Віцебску 7 ліпеня запрашае адзначыць 134-ю гадавіну з дня нараджэння мастака. Як расказала дырэктар установы Ірына Воранава, чакаецца не маштабная імпрэза, а хутчэй дамашняе свята без пафасу – запрашаюць усіх, каго шчыра цікавіць асоба Марка Шагала і хто хацеў бы чарговым разам больш дазнацца пра яго творчасць.
Па традыцыі віцябчане і госці горада 7 ліпеня могуць прыйсці з кветкамі да помніка творцу ў пачатку вуліцы Пакроўскай. А затым – далучыцца да музейнага свята. У праграме – традыцыйны квэст па экспазіцыі Дома-музея Марка Шагала (для знаўцаў біяграфіі мастака); канцэрт духавога аркестра Дзіцячай школы мастацтваў № 2 у музейным садзе – прагучыць папуры з яўрэйскіх мелодый. Пра галоўны сюрпрыз сёлетняй святочнай праграмы раскажа Ірына Воранава.
7 ліпеня Дом-музей і Арт-цэнтр Марка Шагала ў гонар дня нараджэння мастака прымуць наведвальнікаў бясплатна.
Фота: izbrannoe.com