Музей народнага мастацтва ў Раўбічах ладзіць паказы каляднай батлейкі

28.12.2020

У філіяле Нацыянальнага мастацкага музея – Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах – па суботах ладзяцца святочныя паказы традыцыйнага лялечнага тэатра – батлейкі. Гледачу прапануюць пастаноўку “Цар Ірад” – адаптаваны аповед пра гісторыю нараджэння Ісуса Хрыста. Лялькі для спектакля стварылі рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага музея і супрацоўнікі раўбіцкага музея. Расказвае загадчыца Музея беларускага народнага мастацтва Дар’я Ільініч.

Тых, хто збярэцца паглядзець батлейку ў Раўбічах, чакае не толькі пастаноўка, але і экскурсія па музеі. Інтэр’ер установы адметны: яна размешчана ў будынку былога касцёла, а затым царквы, пабудаванай у сярэдзіне XIX стагоддзя. Адметнасці архітэктуры ствараюць для наведвальнікаў сапраўды святочны антураж.

Бліжэйшы паказ каляднай батлейкі ў Раўбічах запланаваны на 9 студзеня.

Фота: vk.com