НАМ 20 ГАДОЎ!

1 студзеня 2022 года спецыялізаванай радыёхвалі Белтэлерадыёкампаніі спаўняецца 20 гадоў. "Культура" - гэта першае на постсавецкай прасторы радыё, якое прапануе ўвесь спектр жанраў, відаў і кірункаў духоўнай спадчыны, сучаснага нацыянальнага і сусветнага мастацтва. Дэвіз канала застаецца нязменным - "Мы выбіраем вечныя каштоўнасці".

Аўдыторыя "Культуры" за два дзесяцігоддзі значна пашырылася. Сёння радыёхвалю выбіраюць усе, хто цікавіцца багаццем свету мастацкай культуры. Своеасаблівым клубам для дзіцячай аўдыторыі стала праграма "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя". Для самых маленькіх штовечар канал прапаноўвае "Вячэрнюю казку", якая палюбілася многім пакаленням беларускіх слухачоў. 

Аматараў эфіру канала "Культура" вабяць душэўнасць, цеплыня, своеасаблівая падача вядучых, а таксама пазнавальнае музычнае афармленне. У калектыве працуюць спецыялісты ў розных галінах мастацтва - кампазітары, паэты, акцёры, рэжысёры, музыка- і мастацтвазнаўцы, а таксама дасведчаныя і маладыя журналісты, чые імёны палюбіліся слухачам.

Сапраўдным брэндам канала сталі перадачы, якія выходзяць амаль з першых дзён вяшчання. Гэта публіцыстычная праграма "Дыялогі пра культуру", літаратурна-мастацкія праграмы "Радыёбібліятэка", "Радыётэатр плюс", "Літаратурная анталогія", музычныя праекты "Канцэртная зала", "Рэтра-хіт", "Вечары на канапе" і іншыя.

Канал "Культура" гучыць поўныя суткі ў розных дыяпазонах і ў інтэрнэце. Пераслухаць выбраныя праграмы можна ў аўдыяархіве на сайце канала www.radiokultura.by і ў сацыяльных сетках. Дарэчы, напярэдадні і ў час юбілею слухачы маюць магчымасць выказаць свае думкі і пажаданні праз удзел у святочным конкурсе, аб’яўленым каналам 27 снежня. 

У новым сезоне, які пачнецца ў дзень нараджэння "Культуры", слухачоў чакае нямала цікавага. Гэта новыя праекты "Развагі пра літаратуру", "Адным штрыхом", "Наша музыка", "Радыё “Вера” на канале “Культура”", а таксама перадачы, якія даўно заваявалі любоў слухачоў.

Прыемным падарункам да 20-годдзя стане тэхналагічнае абнаўленне вяшчальнай студыі, якая ўзбагаціць гукавую палітру канала, паспрыяе паляпшэнню якасці гуку.

Шчыра віншуем нашых слухачоў з юбілеем! Дзякуем, што вы з намі, і жадаем моцнага здароўя, прыемных уражанняў, натхнення і ажыццяўлення жаданняў!